Версия для слабовидящих

З 11 па 16 лістапада 2022 года ў восьмы раз адбыўся Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча. За шэсць дзён адзінаццаць тэатраў Беларусі прадставілі на суд гледача спектаклі на ваенную, гісторыка-нацыянальную і сучасную тэматыку. Арганізатарамі фестывалю выступілі Міністэрства культуры, Магілёўскі аблвыканкам, Бабруйскі гарвыканкам.

 

Спампаваць інструкцыю

Рашэнне аб правядзенні фестывалю драматургіі


11 лістапада пачала працу прэс-канферэнцыя, якая асвятліла праграму Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча. У прэс-цэнтры фестывалю сабраліся члены арганізацыйнага камітэта, члены журы і крытыкі, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі і госці фестывалю.

Былі прадстаўлены члены прэзідыума:

  • Дрыга Ірына Уладзіміраўна – начальнік Галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь;
  • Стэльмашок Алег Уладзіміравіч — начальнік упраўлення культуры Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта;
  • Амялюсік Вікторыя Анатольеўна — намеснік старшыні Бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэта;
  • Щэрбіч Вадзім Міхайлавіч – начальнік аддзела культуры Бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэта;
  • Ярмалінская Вераніка Мікалаеўна — загадчык аддзела тэатральнага мастацтва дзяржаўнай навуковай установы «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», доктар мастацтвазнаўства, старшыня журы;
  • Вінель Вераніка Аляксандраўна — дырэктар установы культуры «Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі ім. В.І. Дуніна-Марцінкевіча (г.Бабруйск)».

 

Далей была агучаная асноўная інфармацыя аб працы фестывалю: на працягу шасці дзён увазе журы, крытыкаў і гледачоў прапануюцца спектаклі па п’есах беларускіх драматургаў, класікаў і сучаснікаў. Прадставяць іх 11 тэатраў з Мінска, Маладзечна, Віцебска, Гомеля, Брэста, Магілёва і Бабруйска. Праграма фестывалю ўключае конкурсную праграму «Спектакль тэатра драмы», у якой удзельнічаюць 8 спектакляў, і конкурсную праграму «Эксперымент», у якой удзельнічаюць 3 спектаклі. Фестывальны рэпертуар можна падзяліць на некалькі тэматычных блокаў: ваенны, гісторыка-нацыянальны, сучасны.

 

Цікавая тэма творчай лабараторыі “Актуалізацыя класікі. Перачытваючы нанава». Класіка ХІХ стагоддзя, зборнік апавяданняў Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”, натхніла акцёраў і студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў на стварэнне творчых эскізаў, якія ў будучыні могуць стаць спектаклямі. Лекцыі, майстар-класы для прафесіяналаў у тэатральным мастацтве — добрая магчымасць падзяліцца вопытам, абмяняцца ідэямі і ўражаннямі.

 

Традыцыйна штодзень у прэс-цэнтры праходзілі абмеркаванні спектакляў, падчас якіх калектывы атрымлівалі зваротную сувязь ад крытыкаў.

Быў пералічаны іх склад:

  • Бунцэвіч Надзея Яўгенаўна
  • Дёмкіна Любоў Анатольеўна
  • Сталярова Вольга Юр’еўна
  • Бачыла Яўгенія Аляксандраўна
  • Пепяляеў Валянцін
  • Салаўёва Валерыя Паўлаўна

На заканчэнне прэс-канферэнцыі члены прэзідыума адказалі на пытанні прадстаўнікоў СМІ.


11 лістапада адбылося ўрачыстае адкрыццё фестывалю!

Першым на нашай сцэне выступіў Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы з містычнай легендай пра каханне «Чорная панна Нясвіжа».


12 лістапада

Фестываль ідзе поўным ходам!

12 лістапада адбыліся спектаклі:

«Не пакідай мяне» Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы

«Сёстры Дастаеўскія» Мінскага абласнога драматычнага тэатра.

А таксама на пляцоўцы Палаца мастацтваў прайшоў спектакль «Нобелеўскі тыдзень».

У рамках творчай лабараторыі студэнты 3-га курса БДАМ прадставілі на малой сцэне тэатра сцэнічныя эскізы паводле твораў Яна Баршчэўскага «Валасы, якія крычаць на галаве» і «Белая сарока».


13 лістапада

Трэці дзень Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі падышоў да канца і прынёс мноства эмоцый і яркіх уражанняў!

Былі прадстаўлены спектаклі:

«Тэатр купца Япішкіна» тэатра-студыі кінаакцёра нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм.

Іранічная драма «Путаніца» Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра.

Музычны спектакль паводле аповесці Васіля Быкава «Альпы. Сорак першы» Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача.

У рамках творчай лабараторыі прайшла чытка і інсцэніроўка акцёрамі нашага тэатра твора Яна Баршчэўскага “Чараўнік ад прыроды і кот Варгін”.


14 лістапада

Ах, фестываль, фестываль, фестываль — самая тэатральная падзея гэтага года!

У малой зале прайшлі дзве лекцыі ў рамках творчай лабараторыі:
«Псіхалогія, сучасны погляд на відавочнае», лектар — памагаты прадзюсара кампаніі «ArtDevro» Куренной Кірыл Яўгенавіч.

Лекцыя-майстар-клас «Відэа ў тэатральных пастаноўках», лектар — старшы выкладчык кафедры рэжысуры тэлебачання факультэта экранных мастацтваў Карбоўскі Сяргей Аляксеевіч.

Увечары на асноўнай сцэне адбыўся спектакль «Метро» Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я.Коласа.


15 лістапада

На малой сцэне тэатра студэнты трэцяга курса спецыяльнасці «Рэжысура драматычнага тэатра» БДАМ разыгралі інсцэніроўку па творы Яна Баршчэўскага «Ваўкалак». Мастацкі кіраўнік курса — Віталь Катавіцкі.

Увечары гледачы ад душы пасмяяліся падчас прагляду сцэнічнага жарту «Прымакі» Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра.

А на сцэне Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра ў Магілёве адбыўся паказ лірычнай драмы «Песя і Янко».


16 лістапада

Фестываль завяршыў спектакль «Альпійская балада» Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі.


 

Пасля паказу спектаклю «Альпійская балада» адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання і закрыцця тэатральнага свята. Да ўдзельнікаў і гасцей звярнулася загадчыца аддзела тэатральнага мастацтва дзяржаўнай навуковай установы «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», доктар мастацтвазнаўства, старшыня журы Вераніка Ярмалінская:

– Паважаныя гледачы, выдатнага горада і тэатра, у якім праходзіць наш фестываль. Я звяртаюся да вас са словамі падзякі. Дзякуй, што любіце тэатр. Глядач – гэта важная складаючая любога спектакля і паверце, кожнаму спектаклю вельмі важныя вашы апладысменты і энергетыка. Сёлета так і адбывалася: залы былі цалкам запоўненыя. Дзякуй вам! Нам з калегамі было складана вызначыць усе намінацыі, але думаю, што мы з гэтым справіліся.

Дыпломамі лаўрэата Рэспублікіканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча ў конкурснай праграме «Спектакль тэатра драмы»…

 

У намінацыі «Лепшая п’еса сучаснага беларускага аўтара» ўзнагароджваецца п’еса «Песя і Янко», аўтары — Аркадзь Шульман і Ян Карпінскі;

У намінацыі «Лепшая сцэнаграфія» ўзнагароджваецца «Чорная панна Нясвіжа» Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы;

У намінацыі «Лепшая мужчынская роля другога плана» ўзнагароджваецца Уладзіслаў Віленчыц, спектакль «Альпійская балада» Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі»;

У намінацыі «Лепшая жаночая роля другога плана» ўзнагароджваецца Амалія Старавойтава, спектакль «Прымакі» Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Магілёўскі абласны драматычны тэатр»;

У намінацыі «Лепшая мужчынская роля» ўзнагароджваецца Дзяніс Фешчанка, спектакль «Сёстры Дастаеўскія» Мінскага абласнога драматычнага тэатра (г.Маладзечна);

У намінацыі «Лепшая жаночая роля» ўзнагароджваецца Юлія Еўтушэнка, спектакль «Песя і Янко» Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча (г.Бабруйск);

У намінацыі «Лепшая рэжысура» ўзнагароджваецца Таццяна Самбук, спектакль «Альпы.Сорак першы» Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача»;

У намінацыі «Лепшы спектакль» узнагароджваецца «Не пакідай мяне…» Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі».


Спецыяльными дыпломамi фестывалю былi ўзнагароджаны:

«За вернасць традыцыям ва ўвасабленні ваенна-патрыятычнай тэмы» – заслужаны калектыў РБ «Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы імя Ленінскага камсамолу Беларусі» («Не пакідай мяне»);

«За арыгінальнае ўвасабленне літаратурнага матэрыялу «Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Яна Баршчэўскага ў рамках творчай лабараторыі «Актуалізацыя класікі. Перачытваем нанова» – студэнты 3 курса спецыяльнасці «Рэжысура драматычнага тэатра» Беларускай дзяржаўнай акадэміі Мастацтваў (мастацкі кіраўнік-Віталь Катавіцкі);

«За ўвасабленне ролі Ядвігі Гурскай» – Вольга Клімук, заслужаны калектыў РБ «Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы імя Ленінскага камсамолу Беларусі;

«За ўвасабленне ролі Япішкіна і таленавітае жыццё ў тэатры» – Аляксандр Кашпераў, заслужаны калектыў РБ «Тэатр-студыя кінаакцёра УП «Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм».


Прыз глядацкіх сімпатый атрымаў Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь «Магілёўскі абласны драматычны тэатр», сценічны жарт «Прымакі».


Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча ўрачыста закрыты! Да новых сустрэч!