
03 Мар 25-26 КРАСАВІКА АДБУДУЦЦА ГАСТРОЛІ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АКАДЭМІЧНАГА ТЭАТРА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА (Г.ВІЦЕБСК)
Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа (г.Віцебск) пакажа тры спектаклі: 2 спектаклі для дарослых і адзін для дзяцей.
25 красавіка а 18:00 — «Гамлет» 16+
Жанр: трагічная балада пра прынца Дацкага на 2-е дзеі (2 г. 30 хв. з антрактам)
«Гамлет» актуальны заўсёды. Межы дабра і зла, барацьба за ўладу і філасофскія роздумы пра жыццё, чысціня і бруд пачуццяў… Самыя розныя тэмы гарманічна спалучаюцца ў самай вядомай п’есе Уільяма Шэкспір, якая больш за 400 год ставіцца на сцэнах усяго свету.
Неверагодна напружаная па сюжэце гісторыя пра маладога прынца Дацкага, які помсціць за смерць бацькі. Ён жадае справядлівасці – ад дзядзькі Клаўдзія, сённяшняга караля, і ад маці Гертруды, якая стала жонкай Клаўдзія, праз два месяцы пасля забойства мужа, бацькі Гамлета. Спектакль задае пытанні, на якія гледачы могуць самі знайсці адказы. Ці сапраўды Гамлет кахае Афелію? Магчыма, здань бацькі прынца – толькі правакатар свайго сына? Гамлет насамрэч звар’яцеў ці з’яўляецца ўдалым маніпулятарам сітуацыі, каб паспяхова ажыццявіць план помсты?
Рэжысёр, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Аляксандр Бармак і артысты Коласаўскага тэатра па-свойму раскрываюць таямніцу Гамлета і прапануюць уласнае разуменне геніяльнай трагедыі, сённяшняе даследаванне сутнасці чалавека.
26 красавіка а 18:00 — «Парашутыст» 16+
Аўтар: А.Селін
Жанр: містычная трагікамедыя на 2-е дзеі паводле аднайменнай аповесці (2 г. 15 хв. з антрактам)
Мы жывём у эпоху рызыкі, пастаянна шукаем, як павысіць узровень свайго адрэналіну. Эдвард прафесійна займаецца парашутным спортам. На адным са спаборніцтваў парашут не раскрываецца. З’яўляецца Смерць і пытаецца асуджанага Эдварда пра апошняе жаданне. «Запасны парашут…» – са страхам шэпча майстар спорту. Смерць нечакана для сябе дорыць парашутысту жыццё, якое цяпер ён не згодны так проста адпускаць. Але і Смерць не можа адмовіцца ад свайго прызначэння і прымае розныя абліччы, каб нарэшце забраць героя ў іншы свет… Паступова яна пачынае адчуваць усё большае прыцягненне да сваёй ахвяры… А Эдвард разумее, што жыццё не вечнае і таму трэба напоўніцу карыстацца кожным імгненнем. Чым жа скончыцца гэтае змаганне, барацьба паміж рэальным чалавекам і містычным персанажам – глядзіце ў нашым тэатры 26 красаівка а 18:00!
У тэатральнай гісторыі спалучаюцца трагічнасць і камічнасць, гумар і драматызм, гарэзлівасць і прытча. Героі зазіраюць унутр сябе, каб паспрабаваць адказаць на вечныя пытанні: што такое жыццё? што такое смерць? хто такі чалавек паміж жыццём і смерцю?
26 красавіка а 12:00 і 14:00 — «Як воўк мамай быў» 0+
Жанр: казка-гульня
Аўтар: В.Ткачоў
Вы думаеце, што ўжо ведаеце сюжэт гэтай казкі дзякуючы вядомаму мультфільму пра тое, як Воўк спачатку знайшоў Цяля сабе на здабычу, а потым стаў для яго самым блізкім і шчырым абаронцам?! Але не спяшайцеся з высновамі! Справа ў тым, што беларускі драматург Васіль Ткачоў прыдумаў сваю гісторыю і ўвёў у казку новых герояў. І кожны з іх – са сваім адметным і вельмі яскравым характарам: какетлівая Лісачка, заўсёды ласы на смачную ежу Дзік і надзвычай чуллівая Козачка. Разам з маленькімі гледачамі яны ствараюць сваю казку. І якой яна атрымаецца ў выніку залежыць ад вас!
11:00
14:00